Прадстаўніцтва Россупрацоўніцтва ў Гомелі актывізавалася і зноў стала праводзіць розныя мерапрыемствы, у тым ліку з масавым удзелам дзяцей і моладзі. Як заўважыў «Флагшток», гэта адбылося неўзабаве пасля таго, як «Рускі дом» выступіў з заявай аб «неканструктыўных адносінах», якія пачаў адчуваць.
Што дакладна меў на ўвазе «Рускі дом», засталося загадкай.
«Флагшток» напісаў, што падставай да «неканструктыўных адносін», магла паслужыць выстава ў «Рускім доме», прысвечаная так званым «героям СВА». Гэтае мерапрыемства стала першай адкрытай прапагандай расійскай вайны ў Гомелі, што не ўпісваецца ў «міратворчую» ідэалогію беларускай дзяржавы.
Выставу адкрылі 22 студзеня. Ужо 3 лютага «Рускі дом» выступіў з адозвай аб «не заўсёды зразумелым і не канструктыўным стаўленні» да сваёй дзейнасці «з боку некаторых арганізацый і ўстаноў». А як мінімум ад 14 лютага, як заўважыў «Флагшток» на апублікаваных здымках, экспазіцыі ў памяшканні ўжо не было.
Выставу спецыяльна прывёз у Гомель Бранскі дзяржаўны краязнаўчы музей. Магчыма, яе звярнулі датэрмінова і менавіта яна магла быць нагодай тых жа «неканструктыўных адносін».
У той жа час у «Рускім доме» працягнулі прапаганду расійскай агрэсіі. На чарговым пасяджэнні «Гістарычнага клуба», які вядзе прапагандыст сталінізму і «рускага свету» Арцём Сакоўскі, «не абышлі бокам і сучаснасць, абмеркаваўшы важнасць місіі СВА ў кантэксце пераемнасці пакаленняў і абароны гістарычнай праўды», гаворыцца ў справаздачы.
У сваю чаргу, партрэты ваенных злачынцаў «СВА» выставілі ў Брэсце ў «Рускім доме». Да 4‑й гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну праходзіць выстава «Франтавікі. VZгляд» Ірыны Харкаўскай пад назвай «Твары герояў». Наведвальнікі могуць таксама склеіць са стужак расійскі трыкалор, заўважыў REFORM.news.
яс